Крыніца Baj.by

А колькі зарабляеце вы? Далёка не ўсе журналісты гатовыя адказаць на гэтае пытанне, нават ананімна. Дзякуючы тым, хто не робіць камерцыйнай таямніцы са сваіх ганарараў, сёння мы маем шанец ацаніць, ці дастаткова высокія прыбыткі маюць беларускія фрылансеры.
Фрылансер можа зарабіць залатыя горы?
Распаўсюджанае сярод беларускіх журналістаў меркаванне, што фрылансеры зарабляюць больш за штатнікаў, грунтуецца на дапушчэнні. Маўляў, у штатніка прыбытак складаецца з сярэдненькага акладу плюс сярэдненькія ганарары за матэрыялы, якія ён здолеў зрабіць звыш нормы. У фрылансера ж наадварот: акладу і нормы няма, затое ганарары, прычым па добрых тарыфах, ён атрымлівае за кожны матэрыял. Зробіш больш матэрыялаў — будзе большы заробак. Паводле гэтай логікі, фрылансер, чыста тэарэтычна, можа зарабляць неабмежавана вялікія грошы.
Няпростае пытанне
Але як ідзе бізнэс у фрылансераў на самой справе? Адказ шукалі актывісты БАЖаўскай кампаніі “За фрыланс” з дапамогай ананімнай анкеты для беларускіх журналістаў-фрылансераў. Было зададзена простае пытанне: Колькі складае ваш сярэднемесячны прыбытак ад журналісцкай дзейнасці? На яго змаглі (ці захацелі) адказаць далёка не ўсе ўдзельнікі апытання. Кожны трэці не пазначыў ніякай лічбы. Нягледзячы на гэта, атрымаліся дадзеныя, ад якіх можна адштурхоўвацца.
Атрыманыя адказы дазваляюць лічыць суму $360 сярэднестатыстычным месячным даходам беларускага фрылансера. Аднак трэба памятаць, што гэты паказчык – накшталт сярэдняй тэмпературы па шпіталі. На самой справе сярэднемесячныя заробкі фрылансераў маюць даволі вялікі дыяпазон – ад $70 да $1000. Адкуль бярэцца такая розніца — чытайце ў далейшым аналізе.
Вялікая розніца
Розніца ў прыбытках журналістаў бярэцца ад разнастайнасці прафесійных характарыстык саміх удзельнікаў апытання. Гаворка ідзе пра людзей з рознымі месцамі жыхарства, з рознымі відамі дзейнасці, з рознай журналісцкай актыўнасцю. Аднак ўсё па чарзе.
Найніжэйшы месячны прыбытак ($70-150) паказаў 42-гадовы пішучы журналіст, які супрацоўнічае з 3-4 выданнямі. Апроч таго, рэспандэнт мае іншыя крыніцы прыбытку, не звязаныя з журналісцкай дзейнасцю. Па суб’ектыўнай ацэнцы, на сваю журналісцкую працу ён выдаткоўвае менш часу за штатніка, і яго гэта цалкам задавальняе. Журналіст мяркуе, што ганарары штатнікаў і фрылансераў маюць прыкладна аднолькавую велічыню.

Найвялікшыя прыбыткі, якія даходзяць да $1000, паказаў таксама пішучы журналіст ва ўзросце 23 год. Гэты фрылансер арганізаваў сабе агульнапрыняты рэжым працы: 8 гадзін на дзень, 5 дзён на тыдзень. Ён супрацоўнічае з 5-ю выданнямі і лічыць, што тарыфы, па якіх рэдакцыя аплочвае ганарары фрылансерам, ніжэйшыя за тарыфы штатнікаў. Рэспандэнт кажа, што велічыня яго прыбыткаў залежыць ад напружанасці працы, то бок колькасці апублікаваных матэрыялаў. Найменшы месячны прыбытак, што даводзілася зарабляць гэтаму журналісту, складае $500.
Не многія зарабляюць больш за $500
Сярэднестатыстычнаму заробку па краіне не стае $6, каб стаць круглай лічбай ў $500. Адштурхоўваючыся ад гэтага паказчыка, меркаваць, што журналісты-фрылансеры маюць адносна высокія заробкі, немагчыма.
Група, чые прыбыткі вышэй за сярэднія, невялікая — каля 10%. Тут большасць паказала месячны заробак да $700. Гэтыя людзі або займаюцца тэле-, відэажурналістыкай, або з тэхнічнага боку з’яўляюцца журналістамі універсальнымі: могуць пісаць, фатаграфаваць, працаваць з гукам або відэа. Яны супрацоўнічаюць з 2, 3 або 4-6 выданнямі і ацэньваюць ступень сваёй занятасці так жа высока ці нават вышэй, чым у штатных калегаў. У гэтую групу патрапілі людзі ва ўзросце ад 21 ад 44 год. Яны лічаць, што тарыфы ў штанікаў і фрылансераў прыкладна аднолькавыя. Але ёсць меркаванні, што некаторыя рэдакцыі эканомяць на фрылансерах або наўпрост падманавюць іх з выплатай ганарараў.
Ёсць заўважная тэндэнцыя, што заробкі сталічных фрылансераў і ступень іх занятасці вышэйшая за прыбыткі і колькасць матэрыялаў рэгіянальных калегаў.
Залатая сярэдзіна
Большасць рэспандэнтаў мае сярэднемесячны прыбытак да $300. Гэта людзі таксама рознага веку, іх аб’ядноўвае від занятку журналістыкай (тэкст+фота). Яны супрацоўнічаюць з 2-4 выданнямі, аднак адзначаюць, што маюць невысокую ступень занятасці. Многіх гэта задавальняе, але некаторыя скардзяцца, што яны маглі б працаваць больш — ім не хапае замоўнікаў. Сярод гэтых рэспандэнтаў таксама распаўсюджанае меркаванне, што тарыфы для штатнікаў і фрылансераў на аднолькавую работу адорзніваюцца на карысць штатнікаў.
Трэба дадаць, што яшчэ адну (меншую за “багаценькіх”) групку складаюць рэспандэнты з прыбыткамі ніжэй за сярэдні. Гэта да $200 на месяц. Сюды патрапілі толькі пішучыя журналісты, якія працуюць менш за штатнікаў. Для часткі з іх гэта вынік асабістага выбару, для астатніх — вымушанае становішча, бо ім не стае замоваў на тэмы.
Як зарабляць больш: 6 высноваў для журналістаў-фрылансераў
Характар дадзеных не дазваляе скласці дакладнага малюнку залежнасці заробкаў і ўзросту альбо віду дзейнасці фрылансера. Затое дазваляе пабачыць пэўныя тэндэнцыі.Галоўная выснова: чым больш журналіст працуе, то бок чым больш матэрыялаў ён прадукуе, тым большы яго заробак.
- Як правіла, чым большым наборам інструментаў журналіст валодае, тым больш ён атрымлівае. Тэкст+фота каштуюць даражэй за просты тэкст.
- Калі фрылансер працуе ў сферы тэлевізіі або відэа, ён атрымлівае больш. Таму што відэапрадукцыя наогул даражэйшая.
- Вынікі апытання не выявілі сувязі велічыні заробку і наяўнасці ў журналіста тэматычнай спецыялізацыі.
- Заробак ад узросту наўпрост не залежыць.
- Ад узросту залежыць прафесіяналізм і сувязі, з дапамогай якіх журналіст знаходзіць замоўцаў.
- Велічыня заробку залежыць ад тарыфаў на матэрыялы, якія, паводле меркавання 45% апытаных, для фрылансераў меншыя, чым для штатнікаў, паводле 41% апытаных— наадварот, большыя. Што тарыфы прыкладна аднолькавыя, лічаць 5% рэспандэнтаў.
Перадрукоўка матэрыялу, яго фрагментаў, фотаздымкаў, а таксама цытаванне магчымае з указаннем аўтарства і наўпроставай спасылкай на перашкрыніцу.
Анонс У наступным матэрыяле абмяркуем розніцу паміж ганарарамі штатнікаў і фрылансераў, а таксама – якім чынам высветліць справядлівы кошт свайго матэрыялу. Сачыце за допісамі ў раздзеле “Карысныя парады”. Калі можаце падзяліцца звесткамі на тэму розніцы тарыфаў, калі ласка, напішыце ў каментарах або дашліце паведамленне на baj@baj.by.
Оставьте комментарий