Ежа — гэта не проста набор прадуктаў. За кожнай стравай можа стаяць гісторыя, ад якой валасы дыбам ўстаюць. Такой знакавай для фатографа Антона Сурапіна стала рысавая каша з разынкамі, якую ён часцяком еў на снеданне ў СІЗА КДБ. Антон, які, як сапраўдны студэнт, прывык гатаваць пельмені, зварыў тую самую кашу спецыяльна для праекта «Публіцыстычная кухня».
«Амерыканкай» у Беларусі часта называюць не жыхарку Амерыкі, а СІЗА КДБ. Менавіта там на снеданне падаюць рысавую кашу з гарбатай. Гэта добра вывучыў студэнт і фатограф Антон Сурапін, які месяц правёў за кратамі КДБ. Яго дагэтуль абвінавачваюць у садзейнічанні незаконнаму перасячэнню беларускай мяжы ў ліпені 2012 года двума шведскімі пілотамі, якія раскідалі плюшавых мішак пад Івянцом. Таму Антон не надта гаваркі – яго выпусцілі пад падпіску аб невыдаванні і нявыездзе. Пасля сур’ёзных перамоў Антон Сурапін пагадзіўся прыгатаваць снеданне «амерыканка»-style спецыяльна для праекта «Публіцыстычная кухня». Хлопец перажываў, што нават агучванне рацыёну кадэбэшнай турмы могуць прыняць за выдаванне.
Пакуль копія турэмнага снедання гатавалася, вязень сумлення і рэдактар сайта, які першым апублікаваў фотадоказы рэальнасці «плюшавага дэсанта», разгаварыўся — адкрыў перад камерай сэрца (прызнаўся ў каханні адной маладой асобе) і душу (паведаміў сакрэт стойкасці духу і мудрасці, якоя навучыўся за кратамі). Рэцэпт — у нашым роліку.
Оставьте комментарий