“Крыўдны” фотарэпартаж: дзе жывуць футбалісты ФК “Гомель”

футболФутбалісты аднаго з мацнейшых клубаў Беларусі ФК «Гомель» вымушаныя жыць літаральна ў спартанскіх умовах — сярод цвілі і грыбкоў. Хлопцы маюць адзін на ўсіх душ ды харчуюцца за 3 кіламетры ад жылля.

Карэспандэнт «Тут і цяпер» на ўласныя вочы пабачыла, як жывуць верагодныя чэмпіёны. У гомельскіх футбалістаў 2 жніўня гістарычны матч — з адным з мацнейшых клубаў Англіі «Ліверпулем». Беларуская каманда прайшла ў трэці круг Кубка Лігі Еўропы. У Гомелі гульню мясцовага клуба лічаць падзеяй выключнай і кажуць, што такое адбываецца раз на 100 гадоў.

Выключнымі з’яўляюцца і ўмовы жыцця гомельскіх гульцоў.

Слайд-шоў з Флікра (клікніце, каб паглядзець)                             ФК «Гомель» дыслакуецца на спартовай базе ДЮСШ №7 на ўмовах арэнды. Гэты спартовы комплекс атачае сасновы лясок, які месціцца ў раёне Навабеліца горада Гомеля. Спартовая інфраструктура нараканняў не выклікае: добрае поле, роўныя дарожкі, дагледжаны газон. Шакуе будынак, у якім жывуць футбалісты. Ён патрабуе экстрэннага рамонту.

Бярозкі на даху

З-за састарэлага даху, на якім ужо пачалі расці бярозкі, калідоры ды пакоі футбалістаў заліваюць дажджы. Столь і сцены з чацвёртага да першага паверху пабілі грыбок і цвіль. На базе сур’ёзныя праблемы з асвятленнем: лямпачкі гараць праз 2-3.

Футбалісты асноўнага складу каманды і дублі жывуць на другім і трэцім паверсе. Пакоі разлічаныя на адну або дзве асобы. Інтэр’ер застаўся з савецкіх часоў. Шафа, стол, стул, ложак — вось і увесь набор мэблі. У кожным пакоі ёсць рукамыйнік. У некаторых цячэ толькі гарачая вада, бо сантэхнікі адключылі халодную з-за сапсаванай трубы. Душ — адзін на паверсе, ды і той не працуе. Каб памыцца, хлопцам прыходзіцца спускацца ўніз, на першы паверх.

Там душ мае дзве кабінкі. Састрэлыя трубы, іржа, цвіль і грыбок вымушаюць тут мыцца з асцярожнасццю. Прыбіральня прыкладна ў такім жа стане.

Сталоўка апячатаная

Харчуюцца футбалісты ў трох кіламетрах ад жытла ў рэстарацыі «Стары час», бо сталоўка, што на першым паверсе базы, ужо год як закрытая. У 2009 годзе яе адрамантавалаі, а потым «папрасілі» павароў і іншы персанал дый закрылі дзверы на ключ. Нядаўна адміністрацыя нават апячатала ўваход у памяшканне.

Працаўнікі базы кажуць, што рамонту тут не было гадоў 10, пасцельная бялізна не закуплялася з таго ж часу. Усе пра гэтую праблему ведаюць, запэўніваюць гульцы: ад дырэктара базы да чыноўнікаў у выканкаме. На ўсе папрокі адзін адказ — на рамонт няма грошай.

Адміністрытыўны «касяк»?

ФК «Гомель» адзін з немногіх клубаў, які набліжаецца да самаакупальнасці сваіх выдаткаў.Футбалісты гульнямі ды праз выхады ў вышэйшыя легіёны зарабляюць неблагія грошы. Асноўнае фінансаванне клуба ідзе ад спонсарскай дапамогі. Размеркаваннем сродкаў у клубе, вядомая справа, займаецца адміністрацыя.

Нагадаем, ФК «Гомель» арэндуе (ды не першы год) гэтую страшэнную базу для пражывання сваіх футбалістаў.

Раней на гэтай жа базе вымушаныя былі жыць хакеісты клуба «Гомель». Іх адміністрацыя адмовілася ад арэнды — зараз спартоўцы займаюць камфортныя нумары ў гатэльчыку непадалёк ад лядовага палацу. На неафіцыйным узроўні паведамляюць, што розніца ў аплаце арэнды гатэля і базы, якая развальваецца на вачах, не істотная.

Тэкст: Таццяна Бублікава

Фота: Цімафей Каспяровіч

“Крыўдны” фотарэпартаж: дзе жывуць футбалісты ФК “Гомель”: 1 комментарий

Добавьте свой

Оставьте комментарий

Блог на WordPress.com. Тема: Baskerville 2, автор: Anders Noren.

Вверх ↑